Перайсці да зместу

Віленскія вербы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віленскія вербы

Ві́ленскія ве́рбы, віленскія пальмы (літ.: Vilniaus verbos, польск.: Palmy wileńskie) — пляцёныя з сухіх кветак і траў дэкаратыўныя і рытуальныя кампазіцыі, якія традыцыйна вырабляюцца ў ваколіцах Вільні і з’яўляюцца сімвалам Вербнай нядзелі. У пачатку XXI стагоддзя яны функцыянуюць як унікальная форма праяўлення народнага мастацтва, а таксама як яскравы элемент рэлігійнай і этнічнай ідэнтычнасці ў культуры палякаў, літоўцаў і беларусаў[1]. Віленскія вербы ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Літвы і з’яўляюцца адным з галоўных сімвалаў традыцыйнага кірмашу Казюкас[2].

Гандляркі вербамі ў Вільні ў пачатку XX стагоддзя

Традыцыя стварэння віленскіх вербаў зарадзілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў прыгарадных вёсках на захад ад Вільні. Першапачаткова гэты занятак быў распаўсюджаны ў польскамоўным асяроддзі Паўднёва-Усходняй Літвы і цесна звязваўся з мясцовай каталіцкай рэлігійнай культурай. Майстрыхі займаліся пляценнем у зімовы час, што паступова ператварыла выраб вербаў у саматужны сезонны промысел. Ужо ў 1866 годзе польскі этнограф О. Кольберг апісаў гэты віленскі звычай, адзначыўшы вялізную разнастайнасць пальмаў, якія прадаваліся тысячамі ў Вербную нядзелю каля віленскай кафедры. Ён таксама падкрэсліў розніцу паміж «гарадскімі» пальмамі з папяровых кветак і «вясковымі», якія ствараліся з лісцяў брусніцы, імху і іншых раслін[3].

Канут Русецкі. Партрэт беларускай дзяўчынкі з пальмамі на фоне касцёла св. Міхала. Дом Ваньковічаў

Найбольш раннім іконаграфічным сведчаннем існавання традыцыі з’яўляецца карціна віленскага мастака К. Русецкага «Літвінка з вербамі» (у беларускім мастацтвазнаўстве часта згадваецца як «Беларуская дзяўчынка з пальмамі»), якая была напісана ў 1847 годзе. На палатне адлюстравана дзяўчына ў нацыянальным адзенні, якая трымае ў руках каляровыя пальмы на фоне касцёла Святога Міхала. У пачатку XX стагоддзя гэты твор быў набыты І. Луцкевічам для Беларускага музея ў Вільні[3][4].

Афіша Першай краёвай выставы дробнага промыслу i народнага мастацтва Літвы i Беларусі ў Вільні. Фердынанд Рушчыц, 1913
Вокладка часопіса «Wieś Ilustrowana». Фердынанд Рушчыц, 1913

Значную ролю ў папулярызацыі віленскіх вербаў і наданні ім мастацкай каштоўнасці адыграла Першая краёвая выстава дробнага промыслу і народнага мастацтва Літвы і Беларусі, якая прайшла ў Вільні ў верасні 1913 года. Мастацкім кіраўніком выставы выступаў прафесар Ф. Рушчыц, які зрабіў віленскія вербы адным з галоўных візуальных сімвалаў мерапрыемства. На намаляванай ім афішы выставы быў адлюстраваны герб «Пагоня» ў абрамленні звязаных паміж сабой віленскіх пальмаў і народных паяскоў. На самой выставе лепшыя ўзоры вербаў дэманстраваліся са збораў Ф. Рушчыца і дзяячкі народных промыслаў П. Кончы. З таго часу каляровыя пальмы трывала ўвайшлі ў побыт інтэлігенцыі і пачалі ўспрымацца як адметны знак Віленскага краю[5]. У 1930—1940-я гады мастацкія якасці вербаў прыцягнулі ўвагу мастакоў і этнографаў, што спрыяла іх пераходу ў прастору кірмашу Казюкаса, дзе яны сталі галоўным рэпрэзентантам рэгіянальнага мастацтва[6].

У савецкі час, нягледзячы на атэістычную прапаганду і забароны на публічны продаж вербаў (скасаваныя каля 1970—1971 гадоў), традыцыя захавалася дзякуючы ўвазе этнографаў да іх дэкаратыўнага і этнакультурнага значэння. Асноўным арэалам іх вырабу да пачатку XXI стагоддзя заставаліся староствы Зуюны (былыя Буйвідзішкі) і Судэрва ў радыусе каля 20 кіламетраў ад Вільні. У вёсцы Цехановішкі з 1995 года нават дзейнічае спецыялізаваны фальклорны гурток вязальшчыц вербаў «Cicha Nowinka»[7].

Характарыстыка і тэхналогія

[правіць | правіць зыходнік]
Віленскія вербы
Віленскія вербы

Па сваёй сутнасці віленская верба ўяўляе сабой складаную раслінную кампазіцыю, якая будуецца па законах арнаменту. Яе асновай звычайна служыць драўляны стрыжань або дубчык даўжынёй ад 40 да 50 сантыметраў, вакол якога шчыльна, пачынаючы з вяршыні, навязваюцца асобныя кветкі і травінкі. Для стварэння адной пальмы можа выкарыстоўвацца да 30 відаў розных раслін: сухацветы (бяссмертнікі), крываўнік, чабор, палын, а таксама злакавыя культуры (жыта, авёс, цімафееўка, мятлік). Вяршыня традыцыйна ўвенчваецца пучком з метлюжкоў чароту або каласкоў[8][3].

Найбольш распаўсюджанай формай з’яўляецца аб’ёмная цыліндрычная верба, якую часта называюць «валік». Майстрыхі ўмела спалучаюць натуральныя колеры засушаных раслін з элементамі, штучна афарбаванымі анілінавымі фарбамі ў яркія чырвоныя, жоўтыя, зялёныя і ліловыя адценні. Кампазіцыя часцей за ўсё ўтварае геаметрычныя, спіральныя або лускаватыя ўзоры. У канцы XX стагоддзя з’явілася тэндэнцыя да стварэння гіганцкіх дэкаратыўных вербаў, даўжыня якіх на кірмашы Казюкаса можа дасягаць паўтара-двух метраў. Пры гэтым сустракаюцца і вытворныя формы: у выглядзе сэрца («Сэрцайка Казюкаса») або з выявай каралеўскай кароны, што непасрэдна адсылае да сімволікі Святога Казіміра[6].

У культуры і фальклоры

[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя выключна дэкаратыўнага прызначэння, віленскія вербы захоўваюць свае сакральныя функцыі. У Вербную нядзелю іх масава прыносяць у касцёлы для асвячэння. Паводле народных вераванняў, свянцоная вярба мае цудадзейную сілу і здольная ахоўваць хату ад навальніцы і хвароб. Вербы традыцыйна захоўваюць на покуці каля абразоў на працягу ўсяго года. У мінулым асвечанымі вербамі праводзілі рытуальнае хвастанне дамачадцаў для надання ім здароўя са словамі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень!», а таксама выкарыстоўвалі іх для выгану жывёлы на першую пашу. Пасля заканчэння года старыя вербы маглі спальваць, а попел выкарыстоўваць у Папяльцовую сераду, альбо адносіць іх на могілкі сваякоў на Дзяды[9][3].

Павага да лесу і дрэва як крыніцы жыцця, цесна звязаная з вобразам віленскіх пальмаў, знайшла сваё адлюстраванне ў беларускай літаратуры. Пісьменнік і краязнаўца Сяржук Вітушка напісаў «Казачку на Вербную Нядзельку», у якой распавядаецца пра старога палясоўшчыка з Палесся, які вырашыў абараніць лясы ад масавай высечкі і пайшоў пешшу ў Вільню да Вялікага князя. Па дарозе людзі, просячы заступіцца і за іх лясы, прывязвалі да яго вербнай галінкі свае кветачкі-сухавейкі. У Вербную нядзелю палясоўшчык сцебануў гэтай незвычайнай квяцістай вярбой самога князя, нагадаўшы яму пра неабходнасць берагчы прыроду. Згодна з літаратурнай казкай, менавіта гэты выпадак натхніў князя зацвердзіць артыкулы аб ахове лясоў у Статуце Вялікага Княства Літоўскага, а падораная яму галінка паклала пачатак модзе на «віленскія пальмы»[10].

  1. Мардоса 2011, с. 180.
  2. Vilniaus verbų kultūrinė tradicija (літ.). Vilniaus senamiesčio atnaujinimo agentūra. Праверана 7 сакавіка 2026.
  3. 1 2 3 4 В. Лабачэўская. Віленскія пальмы . Наша вера (29 мая 1999). Праверана 7 сакавіка 2026.
  4. Мардоса 2011, с. 181.
  5. В. Лабачэўская. Biленская выстава 1913 г. . Спадчына (29 мая 1995). Праверана 7 сакавіка 2026.
  6. 1 2 Мардоса 2011, с. 183.
  7. Мардоса 2011, с. 182.
  8. Vilniaus verbos (літ.). Visuotinė lietuvių enciklopedija. Праверана 7 сакавіка 2026.
  9. Мардоса 2011, с. 185.
  10. С. Вітушка. Адкуль растуць «віленскія пальмы» . Беларуская Вільня (4 красавіка 2012). Праверана 7 сакавіка 2026.